Класная гадзіна з "Зоркай"

29.09.2023
Віншуем навучэнцаў цяпер ужо 4-га класа, іх класных кіраўнікоў  Жукоўскую З.І. і Лаўцэвіч І.А., а таксама настаўніка матэматыкі Г.С.Гваздоўскую з падзякай і памятнымі падарункамі за актыўны ўдзел у анлайн-праекце "Класная гадзіна з "Зоркай".

На працягу  2022/2023 навучальнага года дзеці кожны месяц адзін з  класных  ці інфармацыйных гадзін праводзілі разам з "Зоркай", газетай для дзяцей і падлеткаў Рэспублікі Беларусь.

У рамках занятку на прапанаваную тэму дзеці дружна разам з настаўнікамі і аднакласнікамі цікава і  з карысцю праводзілі час: пазнавалі шмат новай інфармацыі, практыкаваліся ў разгадванні пазнавальных філвордаў, замацоўвалі веды ў займальных віктарынах, а выканаўшы хатняе заданне, праз газету і інтэрнэт-рэсурсы выдання знаёмілі чытачоў "Зоркі" з гісторыяй і лепшымі традыцыямі роднага краю. Класныя гадзіны "Калі школа - родны дом", "Скарбы нашага агароду", "Беларусь - краіна замкаў", "Мне не страшны холад зімой, калі мой сябар заўжды са мной", "Вытокі роднай мовы", "Беларусь мая сінявокая", "1000 дарог - адна мая" і іншыя вучылі дзяцей дабрыні, спагадлівасці, узаемадапамозе, выхоўвалі ў іх самыя лепшыя якасці.

Дзеці і настаўнікі з'яўляюцца не толькі актыўнымі чытачамі газеты, але і падпісчыкамі. У іх сабрана падшыўка ўсіх нумароў "Зоркі" за некалькі гадоў. Ды і ў творчых праектах яны ўдзельнічаюць не першы год!  Адзінай дружнай камандай вучні і настаўнікі прынялі ўдзел у маштабным анлайн-праекце "Зоркі" - "Самы дружны 1-ы клас!" у 2020-2021 навучальным годзе і былі ўзнагароджаны дыпломам і кубкам пераможцы; у 2021-2022 навучальным годзе ўзнагароджаны дыпломам за актыўны ўдзел у анлайн-праекце "Вучымся разам". Сёлета – гэта ўжо трэцяя ганаровая ўзнагарода вучняў гэтага класа!

Спадзяемся, што гэта дружная каманда дзяцей і дарослых працягне ўдзел у конкурсах і анлайн-праектах.